Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Неба ў люстры вады аж на самае дно,
На бурштын апускалася чысты,
І дрыжала яно, і блішчала яно
Пэрлямутравай плахтай іскрыстай.

І блакіт расьцьвітаў да нябёс ад вады
Абрусом-палатном з павуціны;
На блакіце — блакіт. За гадамі гады
Гэтак шлі векавечнай пуцінай.

Ветрык хмаркі ганяў, ветрык зыбаў віры,
Цішыню лёгкім шэптам трывожыў;
Калыхаў ціш вякоў ад пары да пары,
Бы дзіцё сваё песьціў і гожыў.

Стыгла маць-Цішыня. Ні людзей, ні зьвяроў,
Ні драўлякаў, ні траў, ні зямліцы…
Вядзяніцаю цьма з-пад шкляных пустыроў
Выхадзіла на ўзьверх падзівіцца.

Быў нямы белы сьвет, нібы камень-скала,
Быў нямы даль-абшар над вадою;
Цішыня, як мара, вандравала, плыла,
Шлі гады так капа за капою…

3. Бог, Чорт і Дуда

Ў алатырных палёх бог на небе сядзеў,
Галубіную кнігу чытаў ён.
З глыбі вод угару злы нячысьцік глядзеў
І зьмяіную кнігу трымаў ён.

Ў белай кнізе сьвятой было мудрасьцяй шмат
Аб дабры векавечным, аб долі.
Ў чорнай кнізе страшной было жудасьцяй шмат
Аб сьмяротных грахох, аб нядолі.

Паміж небам-зямлёй Самаграйка-Дуда
На грудзёх дзеда-Сонца вісела.
Побач ціха плыла сьветлых хмар грамада,
Побач зьяньне блакітнае млела.

Нібы птушкі ў гнязьдзе, спалі гукі Дуды,
Іх ніхто ня будзіў навакола.
Так плылі, так ішлі за гадамі гады,
Бы з вясёлак адвечнае кола.