Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зачарованы край[1]

1. На Палескім балоце

І туды і сюды навакола глядзі:
Ўсюды тхлань, усюль гідкае нетра.
Па карчох, па ламох цэлы тыдзень брыдзі,
Цябе душыць гнілое паветра.

Сьцеражыся дрыгвы, бо, як ведзьма, глыне,
Чорт у процьму пацягне за ногі,
Прападзеш пад карчом у дрыготным багне,
Дзе няма ні пуці, ні дарогі.

Сум пануе вакол, страхацьцё і жуда,
Плача каня ў кустох на балоце;
Адусюль на цябе паглядае брыда,
Млее сэрца, дрыжыць у самоце.

2. Што было да стварэньня Палесься

Зіхацела даўней тут вада, нібы шкло,
Тут люстрылася неба другое.
І Палескай зямлі тут зусім ня было, —
Быў абшар вадзяністы затое.

Толькі рыбкі ў вадзе зычна плюхалісь тут,
Мігацелі хвастамі на дзіва.
На жар-Сонца глядзеў акунёў цэлы жмут,
Карагод пачынаў палахліва.

Сонца ўсходзіла з хваль, на надводны абшар,
Бо пад коўдрай вады начавала.
Красавалі ў глыбі плоймы колераў, хмар,
Было сонечных косак ня мала.

  1. У гэтай поэме беларускі народны эпос выяўлен праз прызму іроніі і яўнай няверы, з якой трактуецца ён у сучаны момант сялянскімі масамі.