Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А каняка ня міргае вокам,
Ціха корміцца цьвёрдым сіўцом.

Водзіць хлопец тымчасам тры ноты,
Талялюкае ён у запар.
Галасьней паўтарае з ахвотай,
У пузыр аж надмухае твар.

Салавеюць блакітныя вочы,
Забывае сябе ды ўвесь сьвет.
У таку у гэты час хтось мармоча,
Злосна венікам шморгае дзед.

VII

Бо заўсёды яе проста цьма;
Дзядок вечна работу знаходзіць,
Вечна тупае, ходзіць і ходзіць,
І памерці на‘т часу няма.

Кучу жыта шаруе, шліфуе
Пачынае мятлою мясьці;
На язык часам зерне спрабуе,
Адкідае пылінкі, асьці.

І на збожжа зірне без дакукі,
І кіўне галавой кожны раз:
„Мазалі хоць скалечылі рукі —
Умалотнае жыта у нас!“

А чысьцюткае — проста на дзіва,
Гарфаваць на‘т ня трэба, дальбог!
Без званца і ядрона да мліва, —
Будзе белы ў нас хлеб, як пірог.

Але радасьць спынілась на месцы,
Ашчавеў бражджатлівы язык:
„Без мякіны хлеб прыдзецца есьці?!“
А да гэтага дзед ня прывык.

„Без мякіны… Ды гэта-ж распуства!
Тож ашчады ня будзе ніяк!
Без мякіны… Кяпство гэта, глупства,
Без мякіны хлеб страціць свой смак“…

Дзед павёў па бакох спрытным вокам:
„Каб ня ўгледзіў, часамі сынок…
Ня стухлее дабро ад урокаў,
Як прыбавіцца лішні пудок“…