Прыгоньнік-раб загартаваўся ў полі;
Ўся Беларусь абросла мазалём.
А дзікі лес русаліўся аб долі,
Трывожыў сны падземны буралом.
Вільля, Дзьвіна, Дняпро, лайбовы Нёман
Шапталі сказ, раздольны сьпеў вясны;
Паміж лясоў, лугоў бурлілі гоман,
Аб вольных днёх наш лірнік бачыў сны
Ён бачыў сны: гэрой радзіўся з зораў,
Пайшоў у бой за гарапашны люд;
Там булавой сталёвай на прасторы
Гадзюку біў, чыніў за цудам цуд.
І вырас мост на дзесяць вёрст мядзяны,
На ім дубы-разбойнікі стаяць —
Паднялі крык, страхоцьце на палянах,
Асілка рве, калечыць злая раць.
З аблоку ўніз мільгнула палатнішча —
То казак цар — чароўны самалёт.
На ім пястун народны на ігрышча
Да сонца ўвысь узносіў горны ўзьлёт.
Імчыць стралой, а хтосьці ў лузе грае;
Жаўронка сьпеў ці трэлі хтось пляце, —
То пастушок дзьме ў дудку каля гаю,
Концэрт дае авечай грамадзе.
Падобен ён Атэнскаму Амуру,
Што выдлубаў на мармуры разьбяр;
А сьпеў яго — і смутны і пануры:
Якраз-бы наш нядаўных дзён пясьняр.
Як наш пясьняр з эпохі адраджэньня,
Якога кат цанзурны цікаваў
Між абцугоў было яго імкненьне —
Ён горкі лёс сьлязьліва апяваў.
З нямой тугі, з глухой недагаворкі
Гусьлярскіх струн будзіўся наш ратай.
У ночны час поэт глядзеў на зорку,
Вучыў любіць ён вукрадкам свой край.
Вяла ігру благая доля з намі,
Як варажбіт калодай старых карт.
Аднак народ пяўца свайго уцяміў:
„Тутэйшы“ люд здабыў патрэбны гарт.