Цябе вякі, як мумію, спавілі
Папоўскай цьмой і панскім бізуном.
Сярод жывых ляжала ты ў магіле,
Паміж славян — між каласоў залом.
А над табой жрацы, бы ў ночы совы,
Сьпявалі кант і жудасна раўлі.
Выцьцё званіц глушыла шум дубровы,
Задушак шэпт палохаў шыр ральлі
Касьцёл, царква жар-сонца затулялі,
Туманіў мозг вядзьмарскі забабон.
А зьдзек-груган з высотаў, зьнізу, з даляў
Ірваў твой сьпеў — „мужыцкі“, „хамскі“ стогн.
Страшным судом яго званар палохаў,
А бізуном — агідны пан ліхі.
Ў нядзельны час бядак крахтаў і вохаў —
Грашмі ў царкве замазываў грахі.
Як п‘явак жмут, сасуць твой карк бажніцы,
А гандляроў — як плойма дымных хмар
Радзіны, сьмерць, хаўтуры ці жаніцца —
Два макляры пры гэтым: поп, карчмар.
Застыгла ты, як той вулькан, знадворку,
Ўся пад куцьцёй за душачак дзядоў
Была ты ўся курганам-лысагоркай,
Музэем цьмы пазгубленых гадоў.
А пад старой пад шматвяковай сьвіткай
Кіпела кроў бунтарская ў грудзёх,
Хоць гнулі карк, цягнулі жылы ў ніткі
Зьдзіракі тры: і пан, і цар, і бог.
|