Міжнародны дзень кабеты
(18-е сакавіка)
Ты — сьветлы дзень сусьветных працаўніц,
Аздоблены пажарам бліскавіц,
Абрызганы сьпяваньнем барыкадным.
Вясновы восьмы дзень сакавіка
Праз процьму лет наперад пранікаў
Вяшчунскай постацьцю прынаднай.
Пайшла ў нябыт шматвекавая цьма,
Кабета вырвалася з-пад ярма,
У грозны час наперад быстра мчыцца;
У барацьбе нясе яна штандар,
Ідзе на сьмерць — за волю вольны дар,
У будаўніцтве мірным — будаўніца.
Рэволюцыя лютага
(12-е сакавіка)
Канец дынастыі Раманавай.
Ня можам жыць далей абманамі
Пад дзіка-смаглымі тыранамі.
На фронце гінулі мільёнамі,
Па гарадох стагналі стогнамі,
Па вёсках — птухі-жар чырвоныя —
То — дзеці жудасных гранат.
Даволі біці брата брат!
Снарадамі шнуры завораны.
За што-якое біцца з ворагам?
А хто ды з кім? О, гора, гора нам!
То-ж раб-працоўны б‘е працоўнага,
Нявольнік рэжа свайго роўнага,
У ланцугох усе закованы.
Для багачоў на сытны пір
Ідзе бядак у сьмерці вір.