Зачырванеўся Піцер сьцягамі,
Па вуліцах цягнулась цягамі
З бунтарскай слаўнаю адвагаю
Статысячная демонстрацыя.
„Гэй, прэч вайну! нам хлеба! працу нам!
Ня будзем з братам-немцам драцца мы!
Багатай своры на карысьць
Ня будзем беднага мы грызьць!
Гэй, прэч-далоў самадзяржаве!“
Хоць змучаныя, але жвавыя.
На вуліцах стральба крывавая.
Салдат, рабочы люд з жандарамі
Спляліся. Волава зажарылі.
Пайшлі пажары за пажарамі.
То выбухнуў апошні бой.
І кончыў з славай наш гэрой.
Заварухнуліся гаротныя,
Паднялі сьпевы ўсе дрымотныя,
Ўсе гарады, куткі балотныя.
Гэй, ладзьце сьвята, ўсе сустрэчныя!
Сьпявайце песьні, папярэчныя! —
Загінуў цар навекі вечныя.
І праваліўся трухлы трон.
Той дзень — адзін з сьвяточных дзён.
Дзень Парыскай Комуны
18-е сакавіка
Жыве ў паданьнях сівых лет
Адгук Парыскае Комуны,
Яе каваў бунтар-поэт
На стогалосных сьпеўных струнах.
Чырвоназорны волі сказ
Крывёй рабочага упісан
На памяць вечную для нас
У кнігу строгіх летапісцаў.