Паргаміны зіхцяць у казках гэроічных —
То летапісь баёў багом, царом на страх.
Заве з турэмных крат пагудкаю стазычнай
Зьняволеных людзей у сонцасьветлы гмах.
У новае жыцьцё ідуць-плывуць народы,
Як зрушаны вулькан, як хвалі бурных вод.
Ня страшны на шляху каменьні-перашкоды:
У будучыну йдуць, імкнуцца ў Новы год.
Дзевятае студзеня
Пагрозна сталіца замоўкла.
Упарта заводы зьнямелі.
Бунтарскае, сьмелае вока
Яскравіла сьнежныя белі.
Дзевяты дзень студзеня ўраньне
Завіхрыў на вуліцах людам.
О, страшнае будзе караньне —
Апрычнікі царскія ўсюды.
Рабочыя йшлі да палацаў —
Старыя, малыя і дзеці.
Мо‘ цар абароніць іх працу
У жудасны час ліхалецьця.
Ішлі да цара, як на споведзь,
Ратунку шукаць ад абманаў.
Тыран ім казаў свой адповедзь
На здрадніцкай мове тыранаў, —
То кулі былі, замест словаў.
Насіліся раненых стогны,
Быў Піцерскі сьнег размалёван
У колер крывавы, чырвоны.
На тысячы трупы лічылі
На памяць страшную патомству,
Народ упісаў злы учынак
Ў агнёвую летапісь помсты.