З мясам вырву з сэрца я каханьне,
Як губку з дрэва.
X
Не ваўчанё
Над прыстрэленай ваўчыхай
Вые, прычытае, —
Марына, панская дачка,
Над забітым бацькам плача,
Б‘ецца галавой аб жвір.
Ручкі кволыя ламае.
Ўся дрыжыць, бы раненая птушка.
Змрокі падымаюцца, растуць,
Бы цёмныя густыя кудлы воўны.
Па лагчынах дыміцца туман.
У хвалях сівых хмарак
Месяц — човен залаты —
Плыве…
Шлях глытае цемра.
Гладзіць пух жвіровы.
Вільготным супакоем
— Ойчанька мой родны…
— Ойчанька мой мілы…
Марына ціха плача, прычытае.
Ня бачыць, што над ёю
Анямелы стаіць Янка —
Атаман паўстанцаў,
Той, каго яна калісь
Сабакамі цкавала…
Стаіць Янка,
Зачарован ёю
Вачэй ня можа адарваць.
Маўчыць.
Забыў ён бацьку роднага,
Забітага сягоньня
Пад камандай пана Скрыцкага.
Забыў сястру Агату,
Якую во цяпер,
У гэтую хвіліну,
Жаўнеры мо‘ жывую рэжуць
На кавалкі.
Забыў пра тое,
Што тут нядаўна
Пракляў сваё каханьне
Да панскае дачкі.