Маланкі дзьве блакітныя
Бліснулі грозна з Янкавых вачэй.
— Хлопцы! Плі!
Кашлянулі рэвольвэры.
Лявон завойкаў, паваліўся.
VII
Мядовым сокам канюшыны
Пахне сонца.
Яно зьвініць-гудзіць
Жаўранкамі і пчаламі.
Залатымі, драцянымі кудрамі
У рэчцы замільгала.
Зайчыкі яго на гладкім дне сьмяюцца,
Ў апракінутых уніз нябёсах,
У люстры з пэрлямутру
З акунькамі срыбнымі гуляюць.
Заціснуты абапал
Сьцяною жыта,
Возерам аўсу
Жвірова-жоўты ўецца
Шлях.
Ён цягнецца, як той рамнёвы, вялічэзны пас,
У даль,
У даль,
У даль…
З прастораў хмельных,
Ярка-гучных
Кідаецца у пушчу доўгі шлях;
Уцякае ў цень хваёў з гарачыні.
Абапал шляху —
Ў сполаху застыўшыя вандроўцы:
Сям‘я рабін да скрыўленага плоту
Цісьнецца;
Абвернутыя ў скруткі кужалю
Дрыжаць бярозкі
А водаль — елачкі,
Бы шэраг пірамідаў,
Уверх глядзяць.
Ім ветрык папраўляе складкі
На сьвітках з вожыкавых голкаў.