А дзе-нідзе
На межах,
Каля мшыстых крушняў,
Што абрасьлі „сабачымі грыбамі“,
Вартуюць шлях
Крыжы…
То голыя, нязнаныя істоты
Выпучылі грудзі ўперад,
Разагнулі рукі ў шыры,
Выцягнулі шыі ўвышку…
Здані безгаловыя нямеюць…
Нямеюць.
Бо няможна гаварыць
Аб тых, што дрэмлюць пад крыжамі,
Няможна…
Сьпеце, косьці!
Тысячамі блукаліся па дарозе
Адвечна вінаватыя,
Адвечна загнаныя,
Адвечна прыбітыя,
Адвечна гаротныя
Сяляне —
„Бежанцы“.
Вас царскія нагайкі
Павыганялі з родных гнёзд,
Пускалі вёскі полымем і дымам.
Павыкурылі ўсіх,
Бы стады счумленых авец.
Ад немцаў забіралі
З-пад Нёмна,
З берагоў Вільлі.
У вачох туга аб тым,
Што засталося.
Падушкі і цабэркі на павозках.
Жывёліны ад сполаху рыкаюць.
Пануры конь, пакінуты гаспадаром,
Ў задуме голаду дрыжыць.
І, нібы збожжа з дзіравага мяшка,
Па дарозе трупы сеяліся,
Ня плакалі аб іх —
Бо ня было калі, каму…
Сухія былі вочы,
Гарачыя ад роспачы.
Маўчы, крыжоў сям‘я,