Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Часам даляцелі стуль,
Бы спалоханыя качкі,
Шумы-згукі:
Скрып варот,
Сабачы брэх,
Ні то гоман,
Ні то шэпт людзкі.
Усё гэта лілося ў сэрца Янкі
Чароўнай музыкай,
Хмелем супакою,
Веяла яму у вочы абразкамі
Гадоў даўно мінулых…

Абразок за абразком мігцеў,
Бы на заходзе сонца плямы колераў.
Вось малы ён пастушок
З васільковым аганьком у зрэнках.
(У рэчку углядаючыся,
Ён заўсёды бачыў сам сябе
У русалчыным люстэрцы).

Старэнькі лысы дзед
З сьлязьлівымі вачыма
Яму тады пры стадзе
Казак шмат апавядаў:
Пра ведзьмакоў, русалак,
Ваўкалакаў і разбойнікаў.
А болей усяго яму былі ў спадобу
Казкі аб асілках,
Радзіўшыхся ад зор.
Расьлі асілкі тыя ў мігаценьне вока,
Высокія — бы сосны.
З жалезнай булавою у сто пудоў
Пускаліся яны па сьвеце вандраваць.
Біліся з зьмяямі,
З чароўнай, цёмнай сілай,
З панскім войскам,
З панамі,
Што гаротны люд душылі на прыгоне
У тых асілкаў:
За пазухаю — сонца, а дома
Месяц ясны — на чале.
Дзед памятаў прыгон —
І жудасныя казкі-праўды
Гаварыў малому Янцы
Аб тым, што дзеялася