Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Леніна чытаў,
Вярнуўся ў вёску вольніцы прарок).
Вочы ў хлопцаў загарэлісь,
Ап‘янелі з яго слоў.

III

Ноч і глуш
Спляліся між сабою ў жудасны дыван
Вандруюць, як разьведчыкі,
Між прысадаў лясуновых
У дзікай пушчы.
Над цёмнаю карунай
Стромкіх дрэў
Вісіць на жылах сівай хмары
Ярка-медны месяц —
Ня месяц —
То ў крыві карона,
Сарваная віхорам з галавы
Агіднага і дзікага бажышча.
Ня месяц —
Чырвона-вогненнае сэрца волата
Блытаецца ў сумнай пустцы неба.
Ня месяц —
Агромністая бурая лілея
Ў бяздоньні шкла нямых пустотаў
Заквітнела.
А над борам
Па блакіце люстраў
Нехта рассыпаў вялікі коўш
Чырвоных, ядраных малін,
Пульхных, нібы вусны малалетак, —
Зоркі.
Нехта расьсяваў
Па вадзяністым шоўку
Зерняткі з рубінаў —
Зоркі.
Нехта тысяччу вачэй
Глядзіць уніз — у кудры бору
І залатымі шпількамі
Коле пушчу.

Янка Віхрабурны
Толькі што прышоў у лес.
Прыдушаным авечым стадам
Ляжала водаль вёска.