Хай-жа знаюць, што багаты, —
Маю золата, дукаты.
Дзеда золата варожыць,
Адарваці воч ня можа,
Ажна сьлінкі ён пускае,
Цяжка, цяжка, уздыхае.
„Ой, на старыя на леты,
Кабы меў я грошы гэты!“
У вачох злы аганёк.
Бабу ён таўчэ у бок.
Думкі гідкія, як зьмеі,
Думкі чорныя, страшныя
Ахмялілі глузд старога
І зьвялі яго з дарогі.
Дабрадзеяў з справы гэтай
Многа згінула са сьвету.
Грошы раптам як закруцяць,
Як зазвоняць, збаламуцяць,
Як пачнуць сваё ігрышча —
Пападзеш у іх багнішча.
Дзед на‘т мухі не чапаў,
Ды у сетку вось папаў.
„Грошы мне нагвалт патрэбны“, —
Думаў дзед. І смак іх хлебны
Так завабіў, што дзед сівы
Аж спалохаўся ад дзіва.
Што мне грошы? — Я бяз сілы,
Хутка трэба йсьці ў магілу.
Але маладога сына
Маю недзе на чужыне.
Там працуе ён да поту
У бядноце, у турботах
Для яго, каб лёс знайсьці,
Я гатоў на грэх пайсьці“…
„Мо‘ дамоў ён прыдзе хутка,
Дык паправіць жыцьце тутка,
Адсапнецца ён ад мукі,
Адпачнуць ад працы рукі.
Хай ён ведае, хай знае,
Што аб ім не забывае
Стары тата. Не загіне
Тады хлопец, і дзяўчыну
Сабе выбяра любую.