Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Штосьць да хаты пацягнула.
Ажна сонейка зірнула
Весялей у родным краі…
Кожна дрэва — брат у гаі“.
Ад уцехі рвецца стогн,
Аж сьлязу пускае ён.

„Край мой бедны! родна поле!
Не забыў я вас ніколі.
На далёкай на чужыне
Жыў я, нібы ў дамавіне, —
Так хацелася да хаты,
Там, дзе матка, стары тата;
Там, дзе рэчка пяе песьні,
Дзе душы у целе цесна
Ад вясёласьці бязьмежнай;
Там, дзе вецер ўзімку сьнежну
Кажа казкі па палёх,
Веець, сьвішча па лясох“…

„Там, дзе сонца грае ўлетку;
Дзе зялёныя палеткі
Вабяць вока хлебароба,
Дзіўна хмеліць цьвяток бобу
На гародзе. А пастушкі
Пяюць песьні-весялушкі.
Ганулька мая міла
Ўжо, мабыць, мяне забыла…
Выйшла замуж за другога, —
Небарака прэч з дарогі!
Што мне грошыкі мае
Бяз любові без яе?“…

„Але ёсьць адна пацеха —
Старыкоў сваіх бяз грэху
Трымаць буду я ў пашане,
У заможным, добрым стане.
Хату новую збудую.
Эт! Дарэмна я бядую.
Як куплю зямлі з валоку,
Дык тады пускайся ў скокі.
Нажыву і гаспадыню —
Працавітую дзяўчыну…
Ці спазнаюць бацька, маць?
Буду ўмысьне я маўчаць“.