Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іх імкненьне расло, як імкненьне дзьвёх сіл,
Што жывуць у вячыстым змаганьні.
І праменьні жыцьця, і трухлявасьць магіл
Узышлі на аўтар шлюбаваньня.

Стары дзед-паляшук на мужыцкай Дудзе
Думкі-жальбы на небе іграе,
Аб сялянскіх шнурох, аб жывой грамадзе,
Аб турботах забытага краю.

Гук ляціць да зямлі галасьней і зычней,
Ён дрыжыць паміж зор і галосіць.
„Пусьці, божа, назад на зямлю да людзей…“
Паляшук ціха моліць і просіць.

Пусьці, божа, назад… Будзеш слухаць з зямлі
Мае шчырыя, простыя гукі.
Пусьці, божа, назад… Я тут згіну з тугі,
Спапяліцца душа мая з мукі“…

Бог грымнуў у адказ: „Ты астанешся тут,
Бо патрэбна Дуда і на небе!.“
Не паслухаў Дудар, захацеў у свой кут,
Ён пусьціўся наўцёкі на глебу.

Паляцеў на зямлю і астаўся вісець
Паміж небам і роднай зямлёю!
І пачаў дзед малець, і пачаў дзед драбнець,
І зрабіўся ён птушкай малою.

Йдзе ратай на свой шнур і глядзіць угару, —
Песьня сэрца трывожыць, няйначай.
То пяе над ральлёй псальму-гымн на зару
Птушка-жаўранак, кружыцца, плача…

Ў сінь-блакіце нябёс млее пурпур зарніц
Шэрай кропкаю туліцца птушка.
На зялёнай мяжы паміж рос-расаніц
Ладзяць срыбныя краскі задушкі.

Менск, 1922 г.

|}