Надаела жыцьцё, адкідаюць гульню, —
Зажадалася песьні хаўтурнай
А буяе зямля, хоць ратай не арэ,
Плодзіць-родзіць дабро без аддухі.
Ратай лезе ў багно, а багно не бярэ,
Не бярэ на балоце зыбуха.
Ратай лезе ў пятлю, рэжа горла касой,
Сабе дол на гародзе капае;
Кроў пальлецца ад ран жыватворнай вадой,
Бедакоў маць-зямля ня прымае.
Наракае народ, што Дудар вінават,
Бо ён Сьмерць у ражку запалоніў.
„Дай нам шчасьце Дудар, — ці ты рад, ці ня рад! —
Пусьці Сьмерць нам на родныя гоні!“
Адчыніў дзед ражок, бо няма што рабіць. —
Людзі самі жадаюць загубы.
І пайшла Сьмерць гуляць, і пайшла Сьмерць касіць
На галодныя, вострыя зубы…
23. Сьмерць Дудара і хаўтуры па ім
То ня рвецца струна, то ня лебедзь пяе,
То ня ломіцца крыльле сакола —
То канае Дудар, Сум пануе ў сяле,
Прычытаньні чуваць навакола.
Зайшло сонейка ў бор, загуляла Жуда,
Як кажан, чорным крыльлем мільгае!
На каго-жа цябе, сіраціна-Дуда,
Сівабровы Дудар пакідае?
Анямее твой гук, засмуціцца загон,
Будуць жнеі тужыць на дажынках.
Рване сэрца, душу хворы стогн, ціхі стогн
Бяз Дуды на гульнях-вечарынках.
Без зязюлі-Дуды на гады край засьне,
Будзе нема маўчаць, як магіла.
І чырвоны, бы кроў, месяц круглы зірне,
Абальле цішынёй крыж пахілы.
Загуляюць вятры ў ясных сьвітках сьнягоў,
Бы каляднай парою ваўчышчы.