Стала цёмна ў ваччу. Дастае ён ражок,
Каб панюхаць табакі шчапотку.
Ён ад страху дрыжыць, лезе трасца праз бок,
Ражаном стала ў горле хрыпотка.
Сьмерць вітае яго, адкідае касу
Здрацьвянелай сваёй рукой-косткай.
„Пакуль богу душу я тваю панясу,
Дай сюды тытуну на пачостку!“
— „Нюхай!“ — кажа Дудар, ражок тыц ёй пад нос,
Востры дзюб Сьмерць бліжэй падстаўляе.
„Ой, тытун твой слабы, як трава; дзе ён рос?
Моцы-крэпу ні трошкі ня мае!“
— „Калі так, — у ражок лезь і нюхай як сьлед,
Будзеш чыхаць, праветрыцца голаў.“
Сьмерць палезла ў ражок, зачыніў яе дзед.
І да хаты пайшоў ён вяселы.
Сядзіць Сьмерць у ражку: чых і чых, стук і стук,
Штосьці глуха і хрыпла лапоча.
Песьні грае Дудар, стары дзед паляшук,
Робіць тое, што ўздумае, хоча.
Люд працуе, жыве; прайшоў год і другі,
На Палесьсі ніхто ня ўмірае.
Зелянеюць лугі і бялеюць лугі,
І жывецца ратаям, бы ў раі.
На шнурох — ураджай, у снапох — умалот,
Разьвялося гаўяды бяз ліку.
Дзяцей шмат у сям‘ёх, распладзіўся народ
Грамадою бясконца вялікай.
Так прайшло гадоў сто, а мо болей за сто.
Бог людзей усё множыць на сьвеце.
Надаела старым; дзед памерці гатоў, —
А, як хоча, ня можа памерці.
І людзей, і быдля-на зямлі, як гара, —
Во‘ зямелька разваліцца зараз.
А даўненька-даўно ўжо памерці паpa. —
Гэта-ж нейкая лютая кара…
Хай паморак, вайна выратуюць зямлю.
Хай ачысьцяць мяцёлкай віхурнай.