Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

21. Тое, што было даўней, асталося і
цяпер, толькі ў новых вопратках

Што было, тое й ёсьць, тое й будзе яшчэ, —
Заўжды кажа прымоўка людзкая.
Бог на груцу вякі, нібы збожжа, таўчэ,
Нібы лушчаны боб раскідае.

Барацьба ўсюль ідзе, няма ладу ані,
Жыцьцё вопраткі часта мяняе.
Нібы хмаркі нябёс, плывуць хвілі і дні,
Пугай Сьмерці іх Дух паганяе.

Быў Ярыла калісь богам неба, зямлі,
Кіраваў цэлым сьветам вякамі.
Нарадзіўся Хрыстос — і мяняцца пайшлі
На Палесьсі паны за панамі:

То Купальле — то Ян, — то Пярун, — то Ільля,
Ражство бога — заместа Калядкі,
Замест зор златакрыж. А сьвяткуе Зямля
Тыя самыя даўныя Сьвяткі.

Аб іх песьні пяюць жабракі-дудары,
Аб іх баечнік сказы складае;
А пісьменны аб іх ад пары да пары
Мужыку нават, кніжкі чытае.

Не паможа ў бядзе, ці кажы — не кажы,
Без бяды абыйсьціся няможна.
Усё мае мяжу, нельга жыць без мяжы,
Гэта знае і ведае кожны.

На тым сьвет і стаіць, бо чаго-ж бы і жыць,
Калі-б людзі ня мелі жаданьня? —
Трэба вечна хацець, трэба вечна тужыць,
Аж пакуль забярэ Сьмерць-кананьне.

22. Стары Дудар схаваў Сьмерць у ражку.
Людзі перасталі паміраць і зрабілася
яшчэ горай

Сьмерць брыдзе і касой косіць старых, малых,
Нібы ведзьма пякельная тая.
Раз вандруе Дудар па сьцяжынах лясных,
У гушчэчы ён Сьмерць сустракае.