Зорка стала прад ёй дзіцянём-хлапчуком,
Было клопату ў бабы ня мала.
Рос хлапчук, нібы цуд, па начох і па днёх,
Вырас моцным асілкам высокім;
Ступіць крок — грук ідзе па лясох, па палёх,
Грэе-лашчыць усё ясным вокам.
Вырваў з корнем сасну і на Цмока пайшоў
Ваяваць на абшырным балоце.
Брыў-хадзіў доўгі час, таго Цмока знайшоў,
Пачалася там бітва-страхоцьце.
Аж стагнала зямля, аж дрыжала багно,
Аж кіпела вада, бы ў катлішчы.
Кінуў Цмока ў вір-глыб аж на самае дно,
Ад крыві парудзела багнішча.
Волат рад, волат горд сваёй сілай страшной,
А няма з кім падужацца болей.
Ў неба стук галавой, трах па сонцы сасной,
Нібы ўночы, сьцямнелася ў полі.
Волат рад, волат горд крэпам плеч, сілай рук,
Кроў у жылах гарыць і буяе.
Кулаком аб зямлю грук і грук, стук і стук,
Зацьвіла на душы думка злая:
Пачаў сьвет на свой лад гартаваць, папраўляць,
Волат ладзіць нанова парадкі;
Выпіў воду з вазёр і давай абліваць
Тэй вадою сялянскія хаткі.
Ўзгоркі соваў рукой, — то адзін, то другі, —
Нібы порхаўкі, з месца на месца;
Кінуў луг на лясы, кінуў лес на лугі, —
Няма з сілай сваёй куды лезьці.
Моц па сэрцы стучыць, крэп гудзіць па касьцёх
Мучыць волата дзікая смага:
Трэба штосьці рабіць на прасторных палёх —
Усё роўна, ці добра, ці блага!..
І загневаўся бог — чараўніцкі туман
Спутаў волату рукі і ногі;
Дзікім мохам пакрыў, скамяніў у курган,
Што стаіць і цяпер ля дарогі.