Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паласуе дубы, запаляе стагі, —
Надта жудка на шэрым балоце.
Мокнуць дрэвы кусты; плачуць поле, лугі,
Ўсё Палесьсе ў дажджыстай вільгоце.

І пануе Жуда, стогне-крэхча Туга
На балоце, над полем, над гаем.
На абшарах нябёс грае хварбай дуга,
То каняку Ільля запрагае.

Трэба ехаць дамоў на спакой-супачын,
Трэба даць мужыку касіць сена;
Трэба на зіму шыць кажух з белых аўчын,
А гаспода бяз дроў — ні палена.

І паехаў Ільля, а тымчасам злы Цмок
На ўсіх тубыльцаў сее дрыготы.
Шмат глытае людзей, іх пужае знарок,
Яшчэ горай, чым нечысьць з балота.

Няма рады — хоць плач, каму плакаць няма, —
Асталіся пустыя сялібы.
Над Палесьсем злы Цмок вісіць цёмны, як цьма,
Увесь край анямеў, нібы рыба.

20. Асілак забіў Цмока, а сам скамянеў у
курган

На той жудасны час у забытай глушы
Жылі ў згодзе ў любосьці дзед з бабай.
Ня было ў іх дзяцей, было добра ў цішы —
Ня было ў іх для Цмока прывабы.

Дзядок дровы сячэ, баба воўну прадзе.
Так плыве дзень за днём ў адзіноце.
Не баяцца бяды, хоць жывуць у бядзе,
Не баяцца жуды на балоце.

Але здарыўся цуд: зорка ў небе мігціць,
Паглядае на хатку крывую;
І расьце, і цьвіце, і на хатку глядзіць, —
Апусьцілася ў хату у тую.

Залатым аганьком, залатым галубком
Над бабуляй яна залунала.