Хопіць-топіць людзей у вадзе Вадзянік,
Хор русалак там ладзіць ігрышчы.
У хаціне жыве стары дзед Дамавік,
Злы Гуменьнік жыве на гумнішчы.
За пячуркай старой каты-Злыдні сядзяць
І трывожаць людзей беспрастанку.
Шлюць-завуць на людзей дзіка-смаглую раць
Трасавіц, злых Мароў, Ліхаманкаў.
Ой, страхоцьцяў зашмат мае наш Паляшук,
Шмат пякельных, агідных прывабаў
Ў старых пустках гудзіць адзінокі Кадук,
На гародах Жалезная баба.
Зух-Паляруш імчыць звар‘яцелым віхром,
Ён вясковых калечыць і бэсьціць.
Саранчою вісяць над забытым сялом
Беды розныя, розная нечысьць.
А на крушні сядзіць у тумане ў расе
Краска-дзеўчынка голая — Доля;
Яе грудкі вужак цёнгля смокча-саce,
Плача бедная ў чыстым у полі.
Па пуцінах-шляхох залягла Варажба,
Павуцінай плятуцца Замовы.
Рвецца вужам з грудзей то Праклён, то Бажба,
Пырх і пырх ад заховы ў захову
І чакае народ ад нявідзімых чар
Збаўцу сьветлага, гожага Воя;
Аб ім мараць і сьняць, і глядзяць на папар
Ці ня сьвеціцца постаць героя.
Яго шлях — млечны шлях, яго маць — сонца маць,
Яго зброя з праменьняў вясновых;
На пукатых грудзёх зараніцы блішчаць,
Яго вочы — з вясёлак агнёвых.
На высокім чале сьвеціць сонца, як жар,
Месяц ясны ў руках ён трымае;
Ў сьмелым сэрцы яго шуміць вечны пажар,
Зычнаколернай хваляй буяе.
Прыдзе збаўца так. Ён затрубіць у рог.
Рой зданьнёў, як туман, здрыганецца,