Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прабуджаецца сьвет ад зімовага сну.
Нечысьць корчыцца, з страху ня пікне.

Зноў балота-дрыгва пад бурлівай вадой,
Плывуць крыгі, мільгаюць, бы качкі,
Пні, карчы і кусты па вадзе грамадой,
Аж скрыпяць, аж дымяць ад гарачкі.

Паляшук на чаўне не баіцца плысьці,
Яму ўсюды дарожанька вольна.
Ці ня хоча ён лёс, долю-шчасьце знайсьці
На прасторы празрыстым, прывольным?

Думу думае ён, штось сьпявае ў душы,
Бы дуда у грудзёх, а ня сэрца.
Адчыняе сакрэт, скарб адвечнай глушы,
Нібы піша яго на паперцы.

Лета песьні пяе у вянку з васількоў —
Маладухай стаіць сярод жыта,
А гарсэцік яе — з залатых каласкоў,
Саматканка-хвартух — з сінь-блакіту.

Сьлепіць шыйку яе росных пацеркаў жмут
З буйных ягад, чырвоных, як золак;
Песьціць грудкі яе абручок-баламут, —
Паясок з сяміцьветных вясёлак.

Там, дзе ступіць нагой — траўка-хохлік зірне,
Там на сонца ўгару гляне кветка;
Там, дзе кіне свой зрок — яркі сьвет мільгане,
І праменяцца шчасьцем палеткі.

18. Плоймы зданьняў пануюць над
Палесьсем

То ня сны-туманы, ня імгла аблягла
Густым невадам пушчы, даліны, —
Гэта ўздоўжку ў шыр-даль зданьняў цьма наплыла,
Як паводка, у Палесьсе-краіну.

Крычыць мшалы Лясун „го-го-го!“ у бары, —
Ён лясны гаспадар ганаровы;
У кароне з гальля, ў сьвітцы з цёмнай кары
Ён сядзіць на пасадзе дубовым.