Лясун стогне — лясы ўсё радзей і радзей,
А балота людзей вельмі вабіць.
Высыхае яно. Чорт сунуў аж да дна,
Бо людзей пачынае баяцца.
Чорта сполах бярэ. Страшыць сіла адна —
Гарапашная, шчырая праца.
17. Восень, Зіма, Вясна і Лета
З шчылін бору ў вакно Восень пільна глядзіць
Шэрым бельмам сьлязьлівым, балючым.
Лес шуміць і дрыжыць, і зьвініць, і гудзіць
Жоўтым лісьцем шуршавым, дрыжучым.
Ўсё Палесьсе тады у туманістых мглох,
У вільготнай і сьлізкай апратцы.
Хтось брыдзе па дрыгве у парваных лапцёх
Па зыбучай патрэсканай кладцы.
А па восені усьлед надыходзіць Зіма
Ў сьнежным вэльме вандруе па лесе;
Сьцеле-беліць абшар, проста месца няма
Дзе схавацца тады на Палесьсі…
Ўсюды нечысьць кішыць і таўчэцца круцель,
Спрэсу гурбай сялібы заносіць.
Нібы ў млыне страшным, трэцца-меліцца бель,
Вея у трасцы трасецца, галосіць.
Гэта Чорт выдае замуж дочку сваю
За брыду-ведзьмака-ваўкалака!
На балоце йдзе баль, ладзіць нечысьць гульню,
З мерцьвякоў гасьцём смажыць прысмакі.
Мчыць мяцеліца ўдаль, завіруха круць-верць,
Ваўкі выюць на сівых курганах.
Вужы-косы скубе адзічэлая Сьмерць,
Пакідае сьляды на палянах.
Чорт марозіць людзей, губіць-душыць іх шмат,
Ён пякельную злосьць спаганяе.
Людзі гінуць усюль — каля сёл, каля хат,
Ім усюды магіла нямая.
Толькі літасьціў бог, — прысылае Вясну;
Сонца грэе, сьнег тае і нікне.