Сурынта. Прыгожы быў дзень, прыгожы зараз і вечар… Салаўі аж заліваюцца… Аднак, Рузечка, пасьпяшайма ў палацы: ноч надыходзіць ужо.
Нянька. І для дзіцяці дрэнна: сыра.
Жонка. А я гатова да раніцы тут быць, такі прыгожы вечар!
Сурынта. Ты, Рузечка, нашпацаравалася даволі!.. Пара дадому!..
Нянька. Узышлі мы на могільнік сялянскі — яшчэ чаго напалохаецеся!.. Хадзем лепш!
Жонка. Могільнік ня страшан мне, а вось ад гэтай магілы неяк жудасна…
Сурынта. А што гэта за магіла?
Нянька. Ды тут парабак пахаваны, якога пан пакараў сьмерцю…
Сурынта. Ага, памятаю! У маёй волі гэта!.. Хадзем!..
Нянька. Крыж паваліўся… (хацела падняць).
Жонка. Я памагу табе, нянечка!..
Сурынта. Няхай ляжыць!..
Жонка. Нябось, і яго-ж матка радзіла—гадавала… Не спадзявалсая-ж яна, што нехта заб’е…
Сурынта. Рузя!.. Ты пляцеш недум!.. Што ён для нас?
Жонка. Ты грэх вялікі ўчыніў, забіўшы яго!..
Сурынта. Чаму гэта?
Жонка. Дык так! Парабак валяўся ў крыві, я глянула — і вось нарадзілася дзіця з радзімкай на шчацэ…