Перайсці да зместу

Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРОЛЁГ

Дэкорацыя: лес, дарога. Пры дарозе стары дарожны слуп з надпісам (надпісу ня відаць); з левага боку ад гледача вялікае дрэва і куст; з правага боку — сялянскія могілкі, крыжы. Адзін крыж ляжыць на магіле. Чуваць сьпеў салаўёў. Летняя ноч.
Крадучыся між магіл, на дарогу выходзіць узброены казак, які выглядае некага. Потым падыходзіць да магілы, бярэ ў рукі крыж і кажа:

Казак. Брат мой, калі ты паміраў, на тваіх вуснах застыгнуў сьмяротны праклён. «Браты! — казаў ты, — я паміраю, як нявольнік, са скутымі рукамі і нагамі, паміраю за волю, за сваіх братоў — падданых!» Ты пасылаў пракляцьце дзікаму зьверу пану Сурынту за яго ўчынкі, ты прасіў мяне, калі настане дзень помсты, прыйсьці на тваю магілу. Слухай-жа, брат мой! дзень помсты надышоў! (Дастаў пісталет і схаваўся за дрэвам).

Выходзяць: Сурынта, жонка і нянька з дзіцянём (ад гледача справа).

Сурынта. Нянечка, асьцярожна: не зачапіся і ня выпусьці дзіцятка!

Нянька. О не, вялікі пане, трымаю, як той дыямэнт дарагі!