Аканом. Якраз наадварот! Хачу я тут застацца, у лесе, з вамі! (Усе рагочуць). А пра маю адвагу пытацца шмат ня трэба, атаман напэўна памятае!..
Віцька. Памятаю!
Аканом. Я-ж адзін з грамадой парабкоў спраўляўся! (Усе рагочуць). Застануся ў войску вашым, тады, як сокал той наперад! Ну, тады трымайцеся, паны!..
Віцька. А нябось, пана свайго ўбачыў — на каленкі перад ім!
Аканом. Гэтаму ня быць!
Віцька. А пан, нябось, рыхтуе зноў сваю старожу!..
Аканом. Не да таго цяпер, бо галаву расквасілі, ледзь дыша!..
Віцька. А цікава ведаць, як яго здароўе…
Аканом. Калі вам трэба ведаць, я скокну, разьнюхаю, і сюды назад!.. (Усе рагочуць).
I казак. Жартуеш?
Аканом. Якія жарты!.. Праз два-тры дні адказ прыімчу!..
II казак. Не брашы, ніхто табе ня верыць!
Аканом. Воля ваша! Ну, як-жа будзе, бацька атаман — прымеце ў войска?.. Зрабеце ласку! Я буду бога век маліць за гэта! (Усе рагочуць).
Віцька. З гэтым пачакаю! (Да татарына). Прывядзі сюды паноў палонных! (Татарын пайшоў).
Аканом. Дазвольце, бацька атаман, тут ня быць, калі сюды іх прывядуць! (З агідаю). Я з імі спатыкацца нават не жадаю!..