Перайсці да зместу

Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Віцька. Ну, верны служка, давядзі нам, як пан твой жаніўся!

Аканом. А каб яго вяроўка ажаніла!.. Ад гэтае жаніцьбы ў мяне бакі баляць!.. Ці жартачкі! Узьбіўся на гарбель вось гэтакі бугай!..

Віцька. А хто ўланаў панскіх папярэдзіў?

Аканом. Гэта вы ўжо самі, браткі, вінны!.. Неасьцярожна нехта стрэліў, як увайшлі — завіруха і ўзьнялася!..

Віцька. А ты дазорцу не шапнуў на вуха?

Аканом. Ды каб пярун мяне забіў, што не!.. Я рады быў вам!.. (Усе рагочуць; аканом таксама сьмяецца, гледзячы на іх).

Віцька. А ты чаго рагочаш?

Аканом. Памагаю ў сіле, каб весялей было!..

II казак. Кучум! Дай яму паміж лапатак! (Татарын, выцягнуўшы нож, падыходзіць да аканома).

Віцька. Гэп! (Татарын спыніўся).

Аканом. Пане атаман! Ці я, ці ён павінны адыйсьці ў бок! Баюся я твайго Кучума!

Віцька. Чаго баяцца?..

Аканом. Калі не па-шляхецку выглядае, а быццам чорт які! (Усе рагочуць).

II казак. Кучум, ты чуеш?.. Цябе ён зьневажае!.. (Татарын забурчэў, плюнуў і адышоў у бок. Усе рагочуць).

Аканом. Пане атамане, дазвольце мне з вялікай просьбаю зьвярнуцца!

II казак. Нябось, дахаты адпусьціць?