Пракоп. Яшчэ судзіць будзе за пабег!..
Віцька (грозна). Судзіць! Няхай спрабуе! Хадзем, Кася! (Пайшоў з Касяй; граблі яе засталіся ля помніка).
Бутрым. Вось табе і загваздка!
Пракоп. А нешта такі будзе!
Агата. А будзе тое, што і са мною! У палацы праз дзьверы, а з палацаў праз акно!.. Як гразь — на дарогу!..
Параска. Такую, як ты, за нагу ды на асіну!
Агата. Глядзі, каб сама не палезла!
Бутрым. Зыдзі з воч, гадзіна! (Прапёрлі яе прэч). Колькі жоўці ў гэтай дзяўчыне!..
Пракоп. А раней яна ня была гэткая!..
Параска. Пажыла ў палацах — навучылася!..
Бутрым (глянуў у бок). Во, зноў чэша наш пан Сурынта!..
Параска. І чаго яго нячысты носіць?
Ганна. Каб ён сьвету ня ведаў!
Аксіньня. Але-ж цішэй, цішэй! Ён яшчэ пачуе!..
Падышоў Віцька.
Віцька. Нічога не пачуе: ён яшчэ далёка! А ну, хлопцы, сюды, а вы, дзяўчаткі, на хвілінку прэч адсюль. (Дзяўчаты адыходзяць, апроч Аксіньні). Вось што, браткі! (Убачыў Янука). А дурны чаго тут?
Янук. Браточкі, і я з вамі. (Хлопцы адводзяць яго прэч).