Старонка:Панас Крэнт (1913).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а ад крывапіўцы гэтаго, як прычэпіцца, не аткараскаешся нічым.

Хоць Панас і паганы быў чэлавек, але праз багацтва усюды яго усе паважалі, а свае селякі хоць у сэрцу і пракліналі багатыра, а дзеля віду ўсё-такі шапкавалі перэд ім.

У сваёй парахіяльнай цэркві Панас заўсёды станавіўся ў перэдзі, каля самога амвону; часта жагнаўся шырокім крыжам, біў моцна кулаком у грудзі і ставіў перад абразамі тоўстые свечкі. По мші бацюшка у рызах падходзіў да багатыра, жагнаў яго сваею белаю, пухлаю рукою і дарыў яму прасфару. У валасной канцэляріі на сходках Панас садзіўся на крэсьле каля стала плячо у плячо з пісарам ды старшыною. Станавы, судзья ды нават міравы пасрэднік былі у яго сваімі людзьмі. Усюды Панасу першо мейсцо, усе яго слухаюць, усе яму патакваюць і ніхто не пасьмее сказаць яму на перакор кепскаго слова. Зазнаўся, загардзеў Панас і падступіцца да яго страшна. Сваіх селякоў і ў грош не ставіць; крычыць на іх, лаецца як той маскаль самымі брыдкімі славамі. Божэ мой, як багацтво брыдзіць людзей!..

Ня лепш Панас абходзіцца і с сваёю сямьёю. Жонка, сыны, дзьве нявесткі — дрыжаць перад ім. Ніхай хто асьмеліцца сказаць яму на перакор слова, зараз за нагайку і пачне усей моцы аплетаць бедака па сьпіне, што аж скура лопае. У нявестак ад гэтаго заўсёды усё цела у рубцах. У хаці багатыра ціха, як у магілі; ніхто ніколі не засьпевае, ніхто не прамовіць лішняго слаўца; навад унукі, што