Старонка:Панас Крэнт (1913).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

* * *

Стаў Зміцер з маладою жонкаю самотна правіць сваею гаспадаркаю. Завёў сякую-такую жывёлу, дастаў стрэльбу і пачаў хадзіць на палеваньне, застаўляў па полю сільля ды лавіў усякіх птахоў, калі-некалі с падраду вазіў да Слоніма жыдоўскае збожжо — жылося яму нішто сабе, а жонка вельмі нудзілася. Выйдзе, бывала, Аленка на ганачак, гляне смутнымі вачамі на Голо Балото, праз каторо працекала маленькая, с частымі злучынамі рэчка, ды голасна так засьпевае:

Чаго рэчка смутна стала,
Ці рыба змуціла;
Чаго дзеўчэ моцна плачеш,
Ці маці набіла.
Мяне маці біць ня біла,
Самі сьлёзы льюцца...

Сьпевае маладзіца ды горка плаче, а чаго і сама не знае... Так некі смутак апанаваў ды жаль вызывае.

Раз Алена, прачхнуўшыся рана, збудзіла Змітра ды кажэ яму:

— Ой, Змітручок, які я сёньня паганы сон бачыла, не дай Бог, аж ешчэ і цяпер уся дрыжу.

— Які? Ну, кажы...