Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Беларусь рвалася на волю і праз сваі грамадзянскіе нацыянальные установы шыбка арганізоўвалася. Магілёўскіе беларускіе арганізацыі разам з прадстаўнікамі іншых магілёўскіх арганізацый: губэрнскіх, мястовых, нацыянальных, прафэсіянальных і т. д. праклямавалі незалежнасьць Беларусі. Гэта было ў летку 1917 году.

Іван Іванавіч, як вецярок беларускага адраджэньня, разумеецца, ня мог не зацікавіцца тым, што робіцца у Магілёве, гэтым важным і старадаўным цэнтры усходняй Беларусі. Ужо хворы і слабы, ён прыеха ў Магілёў, каб на месцы пабачыць, як вядзецца беларуская праца. Склікан быў сход з віднейшых беларускіх дзеячоў, на каторым Іван Іванавіч зрабіў даклад а агульным палажэньні беларускай справы. Іван Іванаві раіў нам моцна трымацца лёзунгу: „непадзельная і незалежная Беларусь“ і ўсімі сіламі змагацца з ворагамі беларускага адраджэньня.

У той час, у першы год рэвалюцыі, розные расейскіе партыі, вышаўшы з падпольля, напоўніліся да краёў новымі сябрамі, каторые падчас ня мелі нічога супольнага з праграмай партыі. Гэтые чарнасоценцы, ці проста несьвядомые людзі, налажылі брудны адпячатак амаль не на ўсе расейскіе партыі, праклямоваўшые пекные прынцыпы толькі на паперы, а на дзеле змагаўшыеся з сваей уласнай праграмай.

Іван Іванавіч, як дазнаны палітык, перасьцярог нас ад пагоні за таўпой, каторая толькі на вока сьведчыць аб моцы арганізацыі, за каторай ідзе. Куды мацней стаіць справа, калі ў самой арганізацыі ёсьць людзі пэўные, пракананые і здольные да ахвярнай працы.

Іван Іванавіч высказаўся і па пытаньню аб орыентацыі, якой павінны трымацца беларусы. Ён бараніў патрэбнасьць цеснага контакту беларусаў з украінцамі і літоўцамі, як нашымі бліжэйшымі суседзямі, і наагул са ўсімі вызваляючыміся народамі, знаходзіўшыміся пад ярмом расейскага царызму. Іван Іванавіч асабліва падкрэсьліў, што Беларусь, жыўшая ў даўные часы ў цеснай згодзе і братнім саюзе з літвінамі, і цяпер павінна-б была для большай сваёй і літвіноў карысьці шукаць перш за ўсё згоды і саюзу з літвінамі. Польшча і Расея — найбольшые ворагі беларускага адраджэньня. І адна і другая глядзяць на Беларусь, як на сваю зямлю. Расейскі чыноўнік і польскі шляхціц-пан нясуць нам сьмерць за-