Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

туль, чым і асьвятліў беларусаў і Беларусь на ўсей яе красе-прыгожасьці.

Пазнаёміўся я неяк на вёсцы у 1904 ці 5 року, як з сяўцом сацыялістычнае навукі. І так прывязала мяне гэта, што ў роднай мове і зразумела паясьняў. А калі да гэтага перагледзіў усе рэчы, сабраные ім на Беларусі, адбіваючые аблічча беларуса, то так прывязаўся, што нявольна, бываючы ў Вільні, стараўся заўсёды пабачыць і, пачуўшы слова падмогі, з радасьцю адходзіў, веручы у лепшую будучыну.

Так маё знаёмства вялося, калі ў 1919 року, 15-га чэрвеня, пасьледні раз разьвітаўся, выпраўляючы лячыцца ў закапанае, адкуль ён не вярнуўся і гдзе няхай будзе лёгкай зямліца чужая шчыраму грамадзяніну-беларусу.

А. Сегень.

15. VII. 1920 року


Маё першае спатканьне з Іванам Іванавічам пасьля расейскай рэвалюцыі было ў Магілёве на Дняпры, куды я выехаў з Вільні ў летку 1915 г ў час яе эвакуацыі расейскімі установамі перад прыходам нямецкіх войскаў.

Магілёў жывапісна і паважна спаў у працягу даўгіх гадоў царызму на прыгожых узгор‘ях паэтычнага Дняпра, такога спакойнага і таёмнага.

Магілёў — адзін з найбольш захалусных губэрнскіх цэнтраў, дзе, ня гледзючы на цьвёрды курс русіфікатарскай царскай палітыкі, захавалася і не паддавалася выкараненью беларушчына. Царквы, касьцёлы, асобные будынкі, вуліцы і, наканец, людзі — ўсё гэта дае выразны лік беларускага места, дзе ёсьць усе данные для расцьвету прыдушанай, але захаваўшайся старадаўнай беларушчыны.

Тут мне прышлося пражыць час, калі ў Магілёве была царская стаўка, а такжа рэвалюцыю са ўсімі яе зыгзагамі, пачынаючы ад адрачэньня цара аж да пераходу ўлады ў рукі камуністаў.

На фоне рэвалюцыйнага руху поруч з яго уклонам у соцыяльны бок моцна ўзрастаў і рэвалаюцыйны нацыянальны рух. Паднявольные народы рвалі скоўваўшые іх ланцугі рабства і абвяшчалі сваю незалежнасьць.