Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мест адраджэньня, бо і той і другі любяць толькі сваё і, зацікаўленые ў істнаваньні Вялікай Расеі і Вялікай Польшчы, зьяўляюцца найстрашнейшымі ворагамі незалежнай і непадзельнай Беларусі.

Іван Іванавіч прабыў некалькі дзён у Магілёве. Апрача азнаямленьня з нацыянальным рухам і прыданьня яму належачага кірунку, Іван Іванавіч меў мэтай свайго прыезду сабраць у Магілёве старасьвецкіх рукапісных беларускіх кніг і іншае старыны для выстаўкі старой беларускай культуры ў Менску. Іван Іванавічу удалося знайсьці ў Магілёве даволі цэнных экзэмпляраў стара-беларускага пісьменства, якіе хаваліся ў „Царкоўна-гістарычным Музэі“, і з пазваленьня Магілёўскага архіепіскапа Канстанціна вывезьці ў Менск.

Выежджаючы з Магілёва, Іван Іванавіч горача дзякаваў нам за працу і высказаў сваё здавольненьне, што Магілёў мае беларускі твар і беларускую душу, ня гледзючы на антыбеларускую палітыку апошніх сталецьцяў.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Другое, што мне хацелася-б успомніць, каб не забылася, гэта — праца Іван Іванавіч над залажэньнем у Вільні беларускай гімназіі, куды і я перакачаваў з Магілёва, пасьля таго, як немцы прышлі ў гэнае места.

Зусім хворы, павінны ляжаць у ложку, Іван Іванавіч на вялікую шкоду свайму здароўю многа папрацаваў над тым, каб адчыніць ў Вільні беларускую гімназію. Ён хадзіў па розных — спачатку польскіх, а потым комуністычных установах, каб заручыцца згодай на аддачу будынку па Вострабрамскай № 9 пад беларускую гімназію. Ён прыняў жывое ўчасьце ў арганізатарскай працы ініцыатыўнай групы беларускіх пэтагогаў, у склад каторай увайшлі: А. Чарняўская, А. Сакалова, Ю. Мэнке, І. Станкевіч, М. Кохановіч і інш. Гімназія была хутка адчынена. Гэта было 1 лютага 1919 году. Іван Іванавіч сам узяўся выкладаць беларусазнаўства і краезнаўства.

Каму ня ведама, як глыбока знаў нябошчык Іван Іванавіч беларускую старыну? Ня дзіва, што лекцыі яго, ня гледзючы на душыўшы яго ад сухот кашаль, слухаліся вучашчыміся з найвялікшай сымпатыяй і ахвотай. Ня доўга толькі прышлося вучашчымся слухаць мудрые словы Івана Іванавіча. Хвароба моцна прыкавала яго да ложка, з каторага ён ня мог больш падняцца.