Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тэлеграма ад Антона Луцкевіча, абвяшчаючы хуткі прыезд апошняга з Парыжу! Ды пабачыцца ім доля ўжо ня судзіла…

У начы з аўторку на сераду ў Івана быў сардэчны прыпадак. Раніцай нас паклікалі ў санаторыю. Перад санаторыяй на дарозе чакаў нас доктар. — „З ім вельмі дрэнна. Будзьце гатовы на ўсе“, — папярэдзіў ён нас.

І праўда. Гэты васкова-бледны твар, завостраные нос і падбародак, глыбока запаўшые і памутнеўшые вочы рабілі страшэнна мучыцельнае ўражаньне.

І хто-бы ў гэтым худым, паўжывым сухотніку пазнаў таго вясёлага, поўнага жыцьця, сіл і энэргіі чалавека, каторы агнём сваіх іскравых думак запаліў у сваім бедным, загубленым і заціснутым вяковай нядоляй народзе сьвяты агонь адраджэньня, каторы моцай сваей волі немагчымае зрабіў магчымым?!…

— „Павіншуйце мяне“, — пачуўся ціхі, хрыплы голас: „я сягоньня прычасьціўся“.

— „Але, але — мы і прышлі Вас павіншаваць!“ — адказалі мы, і я падала яму вялізарны букет мечыкаў, каторые ён так любіў.

Ён вельмі ўцешыўся з іх:

— „Дзякуй. Якіе яны пекные“….

Я ня ведаю, што ён яшче казаў. Я выйшла з пакою, каб укрыць душыўшый мяне за горла плач. Як пасьля апавядала сястра, дзень прайшоў спакойна. Ён не разумеў свайго стану да апошняе мінуты.

Калі ў вечары я прышла ізноў у санаторыю, я знайшла яго ў тым-жа палажэньні. Гаварыў ён мала, аднаскладова. Яму дакучала толькі хрыпата у горле, і ён папрасіў доктара даць якую раду. Яму ўспрыснулі морфіну. Ён супакоіўся і пачаў драмаць. Палажэньне яго было нявыразнае; паводле думкі доктара, ён мог прамучыцца і да раніцы, — і вось, каб нашай прысутнасьцю ня даць хвораму зразумець безнадзейнасьць яго палажэньня, я пастанавіла пайсьці да хаты, тым болей, што пры ім асталася сястра.

Я падыйшла да яго пасьцелі. Ён расчыніў вочы:

— „Ты ўжо выходзіш?“

— „Але, выходжу“.

— „Так, ідзі, — цёмна будзе“ (было ўжо пасьля васьмёх).

Божа, як цяжка мне было выйсьці…. Я ведала, што бачу і чую яго апошні раз, і мне хацелася ска-