Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лядовы холад абняў маю душу… „Божа мой, ці гэта брэд, ці праўда?!…“ — пыталася я ў самой сябе.

Я глянула на Івана. Нашы вочы сустрэліся, але гэта ня Іван узіраўся на мяне: не, гэта была „Яна“…..

Так, «Яна» прыйшла, хоць і ціхая, але грозная і бязьміласэрная.

∗               ∗

Невялічкая, уютная сьвятлічка ў санаторыі доктара Длускага, ўся беленькая, сьветлая, з цудоўным відам зялёных далін і сініх гор была яго апошнім месцам прыпынку.

Перад расчыненым вакном, у выгодным мягкім крэсьле сядзеў змораны пераездам Іван.

— „Тутака мне, здаецца, будзе добра. Глянь, які пекны від; вось, падмацуюся, дык пойдзем гуляць, — праўда? Вось ты мне толькі закажы харошую палачку“, — казаў ён мне і цешыўся, як дзіця, і з гуляньня і з палачкі. І казаў ён з такой верай, што мамэнта мне самой гэта здавалася магчымым.

З якім цяжкім сэрцам пакідала я санаторыю! — „Хто тут будзе глядзець за ім? Хто паможа каратаць, гэтые жудасные, поўные ўсялякіх сноў і галюцынацый, ночы?!“

— «Не забывайся, наведывайся! Мне аднаму будзе тут нудна і жудасна!» — гаварыў ён, чуць стрымліваючы сьлёзы.

Але цяжка было яму толькі спачатку. Пасьля ён звыкся з сваім адзіноцтвам і нават быў з яго рады.

— «Ведаеш, я так здаволен, што ніхто мяне не непакоіць», — гаварыў ён мне. — „Мяне кожын чужы чалавек дражніць і злуе. Ах, як добра, што мы выехалі з Вільні: там-жа я бы чыста прапаў, а тутака напэўна паздаравею. Мне-ж ужо шмат лепей“.

І праўды: сперша ён як-быццам пачаў папраўляцца. Я была прост у недаўменьні. — «Няўжо-ж, няўжо-ж выздаравее?» — з недаверыям, але і з таёмнай надзеяй дапытвалася я ў доктара.

— «Хто ведае: бываюць цуды», — адказаў ён.

І так жадалася гэтага цуду, што верылася ў яго. Але гэта трывала нядоўга і скончылася раптоўным упадкам сіл у хворага. Нельга было сумлявацца: набліжаўся канец. Ен утраціў апэтыт, не пакідаў ужо пась-