Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— „Як добра, як добра!“ — паўтараў Іван. — В„ось тутака дык я хутка папраўлюся, ад аднаго гэтага паветра паздаравею, — праўда?!“

— Так, так, — дый яшчэ як хутка! — пацьвярдзіла я, і ён верыў….

Прыйшла ноч, першая ноч у Закапаным, каторай ніколі не забудуся.

Было каля паўначы. Хворы як-быццам задрамаў, дык і я прылягла на канапе, затушыла сьвечку і заплюшчыла вочы. І тут я разам як-бы чую, што вочы мае пранікаюць наскрозь сьцяну і я бачу, як з-за рога калідору выйшла нейкая кабета ў шырокім чорным плашчу, пахіліўшы галаву, прыкрытую каптуром. Паціху падыйшла яна да нашых дзьвярэў, як-быццам расчыніўшыхся прад ею, і затрымалася на парозе….

Я з жахам усхапілася і борзда запаліла сьвятло. — Што гэта: сон ці галюцынацыя ад лішняе ўтомы? — Глянула на гадзіньнік. Але не прайшло й пятнаццацёх мінут, як ізноў задзьмула сьвечку.

— „Чаго ты ўсхапілася?“ — спытаўся ў мяне Іван. Голас яго дрыжэў….

∗               ∗

Назаўтрае прыйшоў доктар Янушкоўскі, школьны таварыш Івана. Гэта сцэна і парушала і вызывала разам сум. Пасыпаліся пытаньні, пачаліся ўспаміны аб мінуўшчыне, але як ні стараўся доктар разьвесяліць Івана, той увесь час быў маркотны і сумны. Усё апавядаў аб нейкім прывідзе, усё казаў аб сьмерці….

Ня ўцешыў мяне дыагноз.

„Што Вы яго сюды паміраць прывезьлі?“ — пытаўся ў мяне доктар Янушкоўскі. — „Аб стане здароўя нечага й казаць. Левага легкага зусім нямашака, правага астаўся адно кусочак, а да таго йшчэ гэткі ўпадак духа. Вы чулі, аб чым ён усё гаварыў? Ен, мусіць, брэдзіць уначы?

Мне здалася, як быццам каменные глыбы валяцца на мяне з усіх бакоў і задавяць мяне сваім ціжарам….

— „Ну, што сказаў доктар?“ — спытаўся ў мяне Іван.

Ведама, я нешта сказала аб папраўцы і выздараўленьні. Ен горка ўсьміхнуўся:

— „Ты ведаеш: сягоньня ў начы прышла Яна…. — сказаў ён шопатам, аглядаючыся на дзьверы.