Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шыліся, апынуўшыся пад стрэхай у цёплай сьвятлічцы, ў каторай, паміж іншым, спалі ўжо некалькі жыдоў. Ды якое нам дзела да гэтага: мы былі не на вуліцы!

На раніцы звольніўся адзін пакойчык і мы перабраліся ў яго. Тутака нам давялося прабыць пяць доўгіх, мучыцельных дзён. Духата і гарычыня вялікага места, асабліва-ж цяжкое паветра Налевак — вось у якой атмосфэры мы жылі. Іван проста душыўся; тэмпература ў вечары паднімалася вышэй за 39º. З пасьцелі ён не ўставаў і блізка цэлые дні аставаўся адзін: мне трэба было бегаць у розных справах.

Ведама, прызвычаіўшыся дома да нялічаных штодзенных візітаў, Іван тутака вельмі нудзіўся: ён усё чакаў, калі-ж гэта прыйдуць даведацца яго беларусы, што жывуць у Варшаве? Але ніхто, апрача Тарашкевіча, не паказваўся. Затое пачалі прыходзіць яго прыяцелі-палякі, каторые прыпадкам даведаліся аб яго прыезьдзе і вышукалі тут яго. Гэткая ўважлівасьць, з якой аднясьліся да Івана яго польскіе прыяцелі, парушыла яго прыемна ў такой-жа меры, ў якой засмуціла незаслужоная няўвага з боку беларусаў.

— „Вось, бачыш: палякі — тые прыйшлі, а ў нашых часу не хватае!!!. — горка казаў мне Іван, і гэнае пачуцьцë горачы і крыўды не пакідала яго ўжо да самае сьмерці…

∗               ∗

У суботу 21 чэрвеня ў паўдзявятай гадзіне вечара мы пакінулі Варшаву. Ехаць было добра. Чарапук, прыкамандзіраваны да нас, разстараўся для нас асобнае купэ першае клясы, і Іван устроіўся так, што нельга лепей. Няпрыветна сустрэла нас Закапанае. Быў дажджлівы, халодны дзень. Густы шэры туман спавіў усё навакол. Гэта зрабіла на нас цяжкое ўражэньне, узмацаванае йшчэ болей завярэньнямі вазьніц, што бадай ці знойдзем мы вольны пакойчык дзе ў гасьцініцы. Аднак, нам пашэнціла: мы знайшлі дзьве вялікіе сьвятліцы з бальконамі, — і на душы зразу павесялела.

Павесялеў і Іван.

Пагода пачала папраўляцца: зірнула сонейка, пацяплела. Я расчыніла дзьверы на балькон і ў пакой улілася струя чыстага, сьвежага паветра. Якая гэта была роскаш пасьля задуху Налевак і цяжкой падарожы ў душным купэ!