Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯГО АПОШНІЕ ДНІ.

(З маіх успамінаў)

Усё хутчей і хутчей кацілася машына. Мінулі ўжо і прадмесьці і пацягнуліся доўгай чарадой пожні, нівы і лясы. Асталіся за намі і места і гэтые мучыцельные радасьці, перажываньні апошніх месяцаў. Але, замест сэрца маё напаўняў нейкі неспакой, нейкая неаб‘ясьнімая трывога і боль. Я ўглядалася ў гэты зьбялеўшы худы твар, і успаміналіся мне словы доктара: „Вы Яго давезяцë, але не прывезяцё назад“…

— Значыцца, ён ужо ніколі ня вернецца сюды, ніколі! — і сьлёзы сьціснулі маë горла.

А ён сядзеў ціха, бяз руху, ўзіраючыся ў шэрую імглістую даль, быццам стараючыся пранікнуць яе наскрозь, каб разгадаць, убачыць далёкую будучыну. — „Аб чым ëн думае?“ — пыталася я ў сябе самой. „Ці сумуе па роднай Вільні і пакінутых там дарагіх яму людзях? Ці прачувае, што ўжо болей ня вернецца?“ — Мне здаецца, што так. Але гэта толькі недзе вельмі глыбока — на самым дне душы. А так жаданьне спакою, жаданьне жыцьця і цьвёрдая вера, што толькі чыстае паветра гор здолее выратаваць яго, прымушалі яго адно рвацца туды — ў невядомую даль, у далёкую чужыну…

Машына ўсё імчалася і імчалася. Шчасьліва мінулі Ліду з яе няпрыемнай перасадкай і ў дзьве гадзіны ночы прыехалі ў Варшаву.

Тут пачаліся нашы мукі. Каля дзьвёх гадзін мы езьдзілі ад аднэй гасьцініцы да другой і ўсюды чулі адзін адказ: „Вольных пакояў нямашака!“ — Іван, празябшы і змораны, пачаў нэрвавацца, я зусім упала духам і ня ведала, што рабіць. Выручыў нас наш вазьніца: ён павёз нас на Налеўкі; тут даў нам гасьціну ў сваёй уласнай кватэры жыд — гаспадар гасьцініцы. Як мы це-