Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

роду: гэта — першая беларуская гімназія ў Вільні, арганізованая ім у Базыльянскіх мурох. Але сьледам за гэтым падыходзяць бальшавікі. Ад голаду асабліва церпіць ужо паўжывы дзеяч беларускі, і угледаючыся сьмерці ў вочы дух яго ня хоча паддавацца слабасьці цела. Як даўней, цэнтр і кіраўніцтва беларускае работы ў Вільні знаходзіцца ў кватэры Луцкевіча, толькі ўжо каля пасьцелі яго. Ён ужо ня мае сіл хадзіць на свае лекцыі ў гімназію, — і ўсё-ж ад часу да часу зрываецца з ложка і бяжыць клапаціцца перад рожнымі установамі аб тую ці іншую беларускую справу. Ды з кожным днём такіе мамэнты становяцца больш рэдкімі. — Але і хвораму палітычные ворагі яго не даюць супакою: на аснове іх фальшывых даносаў у яго хаце рэвізія йдзе за рэвізіяй, а за два дні перад прыходам палякоў да Луцкевіча зьяўляюцца бальшавікі дзеля арышту яго. Толькі ўбачыўшы яго стан, яны пакідаюць яго на месцы.

Калі ўрэшце адкрылася магчымасьць вывязьці хворага ў Закапанае — ў горы, палажэньне яго было ўжо зусім безнадзейнае. Але таварышы пастанавілі вывязьці яго хаця-бы дзеля таго, каб у санаторыі, ў цішы і спакою, ён мог-бы прынамсі памерці безклапотна. У чэрвені яго і вывязьлі, а 20 жніўня — у пекны летні вечар — Іван Луцкевіч ціха заснуў вечным сном….

Там, у Закапаным, знаходзіцца яго дачасная магіла, і цела яго чакае, каб яго перавезьлі у родную Беларусь.

Так жыў і так памер тварэц усяго сучаснага беларускага руху. Бацькаўшчыне і народу свайму ён аддаў усё: і сілы, і здароўе, і асабістае шчасьце, — затое і перагарэў гэтак хутка. У гэты мамэнт яшчэ трудна зважыць і ацавіць яго заслугі перад беларускай справай: работа, якая цяпер ідзе, разьвіваецца ў значнай меры дзякуючы дадзенаму ім размаху. Нельга ацаніць і спадчыны па ім у постаці скарбаў яго музэю, бібліотэкі і архіву, каторые пакажуць сваю цану тады, як будуць прыведзены ў парадак. Справядліва-ж ацаніць яго працу здолее толькі будучына, калі безстаронные гісторыкі беларускага нацыянальнага адраджэньня раскрыюць усе архівы і дойдуць да самых крыніц руху: тады яны пераканаюцца, што гісторыя сучаснага беларускага руху — гэта гісторыя жыцьця Івана Луцкевіча.