Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адносячыся да яго з найвялікшай пашанай і спогадам, — пастольку нямецкіе палітычные агенты ня ўкрывалі сваей злосьці да гэтага чалавека, каторага нельга было ніяк „узяць у свае рукі.“ Асабліва ўзрасла няпрыхільнасьць да яго нямецкае ўлады пасьля падарожы ў Лёзанну на Зьезд Народаў, які адбыўся ў летку 1916 году: Іван Луцкевіч, як галава беларускае дэлегацыі, не апраўдаў спадзяваньняў нямецкага ураду, даўшага пазваленьне на падарожу. Наадварот, чыста незалежніцкае становішча яго на зьездзе псавала самы плян праглынуць малую Літву, на які некаторые літоўскіе палітыкі гатовы былі прыстаць. Братоў Луцкевічаў, цьвёрда стаяўшых на становішчы беларуска-літоўскае незалежнасьці, гэтак нямілым немцам, аддаюць пад спэцыяльны нагляд старога і дазнанага нямецкага шпіона Эдмунда Зузэміля, шпіоніўшага ў Расеі яшчэ перад вайной і служыўшага за вучыцеля ў Пінскай гімназіі. Для Зузэміля, пазначанага за беларускага пераводчыка пры Presse-Stelle, рэквіруюць часьць кватэры Луцкевічаў, і ён мае магчымасьць сачыць за кожным іх крокам. Зузэміль разьвівае цэлую сець інтрыг, скіраваных проці братоў Луцкевічаў, — і тут ён знаходзіць памочніка ў адным з беларусаў, праз якога і вядзе атаку глаўным чынам проці Івана Луцкевіча, сваей рэзкасьцю выступленьняў асабліва дадзеўшага окупантам. Пачынаецца работа дзеля развалу ўсіх беларускіх устаноў, так ці гэтак зьвязаных з імем Луцкевічаў. Калі арганізаваны дзякуючы энэргіі Івана Луцкевіча „Беларускі Вучыцельскі Саюз“ выбраў яго за свайго прадстаўніка ў Цэнтральнае Бюро Прафэсыянальных Саюзаў, Зузэміль катэгорычна зажадаў, каб ён зрокся выбару. Калі-ж новы сход Саюза выбар пацьвярдіў, арганізацыя была зачынена прыказам нямецкае ўлады.

Аднак, хаця хворы і з разьбітымі нэрвамі, часта-густа ў маразы седзячы ў нятоплёнай хаце, маючы на стале знамянітую „бабку“ з бульбяных лупін на абед, — Іван Луцкевіч усё-ж цьвёрда вытрымлівае ўсе напасьці, арганізаваные нямецкімі агентамі нямецкае і іншых нацыянальнасьцей. Ен ні на крок не адступае ад раз узятай палітычнай лініі, веручы, што яна адна — справядлівая.

Падыходзіць 1917 год, — і нямецкі ўрад пачынае падгатоўку арганізацыі літоўскае Тарыбы — ведама, ў та-