Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 95 —


Без зязюлі-дуды на гады край засьне,
Будзе нема маўчаць, як магіла.
І чырвоны, бы кроў, месяц круглы зірне,
Абальле цішынёй крыж пахілы.

Загуляюць вятры ў ясных сьвітках сьнягоў,
Бы каляднай парою ваўчышчы.
Сярод белых лясоў, абамлелых лугоў
Рыхтаваць будуць веі ігрышчы.

Будзе сонца пякчы ўлетку жоўты пясок
На магіле сівога музыкі.
Будзе пушча будзіць: Гэй, устань, каласок!
Чаму змоўклі дударскія зыкі?

Плача бедны народ, у жалобе ўвесь край,
Льюцца горкія сьлёзы бясконца.
Валасы свае рве гарапашны ратай:
«Што пакінуў ты нас, абаронца?»

«Будуць цюкаць на нас, будуць люкаць на нас,
Будуць крыўдзіць паны, паняняты.
Наша сонца зайшло, яркі вогнічак згас,
Што рабіць без цябе, голуб-тата?»

«Аздабляў нам жыцьцё роднай песьняй сьвятой,
Працаваць было лёгка і лоўка.
Ня кідай нас, стары, пачакай-жа, пастой!
Надалей будзь вясновым салоўкай!..»

24. ЯК ДУДАР ГРАЎ НА НЕБЕ ПЕРАД БОГАМ, ПОТЫМ
АПУСЬЦІЎСЯ НА ЗЯМЛЮ І АСТАЎСЯ ВІСЕЦЬ НАД
БАЦЬКАЎШЧЫНАЙ ПАМІЖ НЕБАМ І ЗЯМЛЁЙ.

Вось памёр дзед-дудар, ці хацеў — не хацеў.
Пахавалі ля шляху-дарогі.
Нібы птушка-арол, угару паляцеў
Аж на самае неба да Бога.

Дзеду лёгка было на нябёсных палёх
Без балот, без лясоў, без вазёраў;
Было добра яму: яго слухаў Сам Бог,
Сонца, месяц, і хмаркі, і зоры.