Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 96 —


Чараваліся ўсе, любаваліся ўсе, —
І сьвятыя дзяды і анёлы;
Зьялі вочы ў сьлязох, у надгорнай расе, —
Гэткай песьні ня чулі ніколі.

Увесь смутак балот паляшуцкай зямлі
Красаваўся пад Божым пасадам;
Гукі моцна расьлі, гукі ціха плылі,
Гукі сыпалісь сонечным градам.

Іх імкненьне расло, як імкненьне дзьвёх сіл,
Што жывуць у вячыстым змаганьні.
І праменьні жыцьця, і трухлявасьць магіл
Узышлі на аўтар шлюбаваньня.

Стары дзед-паляшук на мужыцкай дудзе
Думкі-жальбы на небе іграе,
Аб сялянскіх шнурох, аб жывой грамадзе,
Аб турботах забытага краю.

Гук ляціць да зямлі галасьней і зычней,
Ён дрыжыць паміж зор і галосіць.
«Пусьці, Божа, назад на зямлю да людзей…» —
Паляшук ціха моліць і просіць.

«Пусьці, Божа, назад… Будзеш слухаць з зямлі
Мае шчырыя, простыя гукі.
Пусьці, Божа, назад… Я тут згіну з тугі,
Спапяліцца душа мая з мукі»…

Бог грымнуў у адказ: «Ты астанешся тут,
Бо патрэбна дуда і на небе!…»
Не паслухаў дудар, захацеў у свой кут,
Ён пусьціўся наўцёкі на глебу.

Паляцеў на зямлю і астаўся вісець
Паміж небам і роднай зямлёю;
І пачаў дзед малець, і пачаў дзед драбнець,
І зрабіўся ён птушкай малою.