Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 94 —


Хай паморак, вайна выратуюць зямлю,
Хай ачысьцяць мяцёлкай віхурнай.
Надаела жыцьцё, адкідаюць гульню, —
Зажадалася песьні хаўтурнай.

А буяе зямля. хоць ратай не арэ,
Плодзіць-родзіць дабро без аддухі.
Ратай лезе ў багно, а багно не бярэ,
Не бярэ на балоце выбуха.

Ратай лезе ў пятлю, рэжа горла, касой,
Сабе дол на гародзе капае;
Кроў пальецца ад ран жыватворнай вадой,
Бедакоў маць-зямля ня прымае.

Наракае народ, што дудар вінават,
Бо ён сьмерць у ражку запалоніў.
«Дай нам шчасьце, дудар, — ці ты рад, ці ня рад! —
Пусьці Сьмерць нам на родныя гоні!»

Адчыніў дзед ражок, бо няма што рабіць, —
Людзі самі жадаюць загубы.
І пашла Сьмерць гуляць, і пашла Сьмерць касіць
На галодныя, вострыя зубы…

23. СЬМЕРЦЬ ДУДАРА І ХАЎТУРЫ ПА ІМ.

То ня рвецца струна, то ня лебедзь пяе,
То ня ломяцца скрыдлы сакола —
То канае дудар. Сум пануе ў сяле,
Прычытаньне чуваць навакола.

Зайшло сонейка ў бор, апусьцілась жуда,
Як кажан, чорным скрыдлам мільгае.
На каго-жа цябе, сірац на-дуда,
Сівабровы дудар пакідае?

Анямее твой гук, засмуціцца загон,
Будуць жнеі тужыць на дажынках.
Рване сэрца, душу хворы стогн, ціхі стогн
Бяз дуды на гульнях-вечарынках.