Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 93 —


Сьмерць вітае яго, адкідае касу
Здрацьвянелай сваёй рукой-косткай,
«Пакуль Богу душу я тваю панясу,
Дай сюды тытуну на пачостку!»

— «Нюхай!» — кажа дудар ражок тыц ёй пад нос,
Востры дзюб сьмерць бліжэй падстаўляе.
«Ой, тытун твой слабы, як трава; дзе ён рос?
Моцы-крэпу ні трошкі ня мае!»

— «Калі так — у ражок лезь і нюхай як сьлед,
Будзеш чыхаць, праветрыцца голаў.»
Сьмерць палезла ў ражок, зачыніў яе дзед
І да хаты пашоў ён вясёлы.

Сядзіць Сьмерць у ражку: чых і чых, стук і стук,
Штосьці глуха і хрыпла лапоча.
Песьні грае дудар, стары дзед паляшук,
Робіць тое, што ўздумае, хоча.

Люд працуе, жыве; прайшоў год і другі,
На Палесьсі ніхто ня ўмірае.
Зелянеюць лугі і бялеюць лугі,
І жывецца ратаям, бы ў раі.

На шнурох — ураджай, у снапох — умалот,
Разьвялося гаўяды бяз ліку.
Дзяцей шмат у сям’ёх, распладзіўся народ
Грамадою бясконца вялікай.

Так прайшло гадоў сто, а мо’ болей за сто.
Бог людзей усё множыць на сьвеце.
Надаела старым; дзед памерці гатоў, —
А, як хоча, ня можа памерці.

І людзей і быдля на зямлі, як гара, —
Во’ зямелька разваліцца зара.
А даўненька-даўно ўжо памерці пара, —
Гэта-ж Божая, лютая кара…