Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 92 —


Барацьба ўсюль ідзе, няма ладу ані,
Жыцьцё вопраткі часта мяняе.
Нібы хмаркі нябёс плывуць хвілі і дні,
Пугай Сьмерці іх Дух паганяе.

Быў Ярыла калісь богам неба, зямлі,
Кіраваў цэлым сьветам вякамі.
Нарадзіўся Хрыстос — і мяняцца пашлі
На Палесьсі паны за панамі:

То Купальле — то Ян, то Пярун — то Ільля,
Ражство Бога — заместа Калядкі.
Замест зор — сьвяты крыж. А сьвяткуе зямля
Тыя самыя даўныя сьвяткі.

Аб іх песьні пяюць жабракі-дудары,
Аб іх баечнік сказы складае:
А пісьменны аб іх ад пары да пары
Мужыку, нават, кніжкі чытае.

Не паможа ў бядзе, ці кажы — не кажы,
Без бяды абыйсьціся ня можна,
Усё мае мяжу, нельга жыць без мяжы,
Гэта знае і ведае кожны.

На тым сьвет і стаіць, бо чаго-ж бы і жыць,
Калі-б людзі ня мелі жаданьня? —
Трэба вечна хацець, трэба вечна тужыць,
Пакуль не забярэ Сьмерць-кананьне.

22. СТАРЫ ДУДАР СХАВАЎ СЬМЕРЦЬ У РАЖКУ. ЛЮДЗІ
ПЕРАСТАЛІ ПАМІРАЦЬ І ЗРАБІЛАСЯ ЯШЧЭ ГОРАЙ

Сьмерць брыдзе і касой косіць старых, малых,
Нібы ведзьма пякельная тая.
Раз вандруе дудар па пуцінах лясных,
У гушчэчы ён Сьмерць сустракае.

Стала цёмна ў ваччу. Дастае ён ражок,
Каб панюхаць табакі шчапотку.
Ён ад страху дрыжыць, лезе трасца праз бок,
Ражаном стала ў горле хрыпотка. —