Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 91 —


Аж стагнала зямля, аж дрыжала багно,
Аж кіпела вада, бы ў катлішчы.
Кінуў Цмока ў вір-глыб аж на самае дно,
Ад крыві парудзела багнішча.

Волат рад, волат горд сваёй сілай страшной,
А няма з кім падужацца болей.
Ў неба стук галавой, трах па сонцы сасной,
Нібы ўночы, сьцямнелася ў полі.

Волат рад, волат горд крэпам плеч, сілай рук,
Кроў у жылах гарыць і буяе.
Кулаком аб зямлю грук і грук, стук і стук,
Зацьвіла на душы думка злая:

Пачаў сьвет на свой лад гартаваць, папраўляць,
Перайначыць нанова парадкі;
Выпіў воду з вазёр і давай абліваць
Тэй вадою сялянскія хаткі.

Ўзгоркі соваў рукой, — то адзін, то другі, —
Нібы порхаўкі, з месца на месца:
Кінуў луг на лясы, кінуў лес на лугі, —
Няма з сілай сваёй куды лезьці.

Моц па сэрцы стучыць, крэп гудзіць па касьцёх,
Мучыць волата дзікая смага:
Трэба штосьці рабіць на прасторных палёх —
Усё роўна, ці добра, ці блага!..

Зазлаваўся Гасподзь. — Чараўніцкі туман
Спутаў волату рукі і ногі;
Дзікім мохам пакрыў, скамяніў у курган,
Што стаіць і цяпер ля дарогі.

21. ТОЕ, ШТО БЫЛО ДАЎНЕЙ, АСТАЛОСЯ І ЦЯПЕР,
ТОЛЬКІ ў НОВЫХ ВОПРАТКАХ.

Што было, тое й ёсьць, тое й будзе яшчэ, —
Заўжды кажа прымоўка людзкая.
Бог на груцы вякі, нібы збожжа, таўчэ,
Нібы лушчаны боб раскідае.