Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 90 —


І паехаў Ільля, а тымчасам злы Цмок
На ўсіх тубыльцаў сее дрыготы.
Шмат глытае людзей, іх пужае знарок
Яшчэ горай, чым нечысьць з балота.

Няма рады — хоць плач, каму плакаць няма, —
Асталіся пустыя сялібы.
Над Палесьсем злы Цмок вісіць цёмны, як, цьма,
Увесь край анямеў, нібы рыба.

20. АСІЛАК ЗАБІЎ ЦМОКА, А САМ СКАМЯНЕЎ
У КУРГАН.

На той жудасны час, у палескай глушы
Жылі ў згодзе ў любосьці дзед з бабай.
Ня было ў іх дзяцей, было добра ў цішы —
Ня было ў іх для Цмока прывабы.

Дзядок дровы сячэ, баба воўну прадзе.
Так плыве дзень за днём ў адзіноце.
Не баяцца бяды, хоць жывуць у бядзе,
Не баяцца жуды на балоце.

Але здарыўса цуд: зорка ў небе мігціць,
Паглядае на хатку крывую;
І расьце і цьвіце, і на хатку глядзіць, —
Апусьцілася ў хатаньку тую.

Пакацілась клубком, залатым галубком
Над бабуляй яна залунала.
Зорка стала прад ёй дзіцянём-хлапчуком,
Было клопату ў бабы ня мала.

Рос хлапчук вельмі хутка — па днёх, па начох,
Вырас моцным асілкам высокім;
Ступіць крок — грук ідзе па лясох, па палёх,
Грэе-лашчыць усё ясным вокам.

Вырваў з корнем сасну і на Цмока пашоў
Ваяваць на абшырным балоце,
Брыў-хадзіў доўгі час, таго Цмока знайшоў,
Пачалася там бітва — страхоцьце.