Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 89 —


Стада хмар ён пасе, штук нязьлічана шмат,
З крышталёвых крыніц ён іх поіць;
То пагоніць у кут, то іх верне назад,
Над Палескай ральлёй ён іх доіць.

Малако льецца ўніз, бы з вядра плюх і плюх,
Корміць-сыпіць абшар лугавінаў.
А тымчасам імчыць па балоце злы дух,
Ён з вясковых людзей строіць кпіны.

А нячысьцікі ўсё пад вадою кішаць,
Толькі бурбаўкі пырсь сінім кругом.
Вось задумаў Ільля тут чарцей паляваць
Над балотам, над лёсам, над лугам.

Разыграўся грымот, смаліць-паліць пярун,
Кіпіць неба, маланка балуе.
Сярод дня сее мглу Ільля; — строгі вяшчуй,
Ён чарцей, нібы качак, палюе.

Ільля громам трыміць: «Так, так, так! Го-го-го!»
«О, лупі яго, бі яго, гада!»
«Трах, трах, трах па зубах, ды па карку яго!»
«Трэсьні раз і другі ў гэту здраду!»

Паласуе дубы, запаляе стагі, —
Надта жутка на шэрым балоце.
Мокнуць дрэвы. кусты; плачуць поле, лугі,
Усё Палесьсе ў бель-поце, ў вільгоце.

І пануе Жуда, стогне-крэхча Туга,
На балоце, над полем, над гаем.
На абшарах нябёс грае хварбай дуга,
То каняку Ільля запрагае.

Трэба ехаць дамоў на спакой-супачын,
Трэба даць мужыку касіць сена;
Трэба на зіму шыць кажух з белых аўчын,
А гаспода бяз дроў — ні палена.