Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 88 —


Па пуцінах-шляхох залягла Варажба,
Павуцінай плятуцца Замовы.
Рвецца вужам з грудзей то Праклён, то Бажба,
Пырх і пырх ад заховы ў захову.

І чакае народ ад нявідзімых чар
Збаўцу сьветлага, гожага Воя;
Аб ім мараць і сьняць і глядзяць на папар —
Ці ня сьвеціцца постаць гэроя.

Яго шлях — млечны шях, яго маць — сонца маць,
Яго зброя з праменьняў вясновых;
На пукатых грудзёх зараніцы блішчаць,
Яго вочы — з вясёлак агнёвых.

На высокім чале сьвеціць сонца, як жар,
Месяц ясны ў руках ён трымае;
Ў сьмелым сэрцы яго шуміць вечны пажар
Зычнаколернай хваляй буяе.

Прыдзе збаўца, такі. Ён затрубіць у рог.
Рой зданьнёў, як туман, здрыганецца,
Прападзе наўсягды. Будзе вольна ў палёх.
Сьветлым Розумам Вой той завецца.

Забудуецца край. Загрыміць на ўвесь сьвет
Няб валаю славай-грымотай;
Паляшук зажыве, бы пад сонцам мак-цьвет,
Заваюе навекі балота.

19. ІЛЬЛЯ ПАЛЮЕ ЧАРЦЕЙ. ЦМОК НІШЧЫЦЬ
ПАЛЯШУКОЎ.

Над Палескай зямлёй полаг неба вісіць
Вялізарнай тканінай шаўковай.
Рослы волат-ратай — Сонца ў неба стаіць
І блішчыць галавою агнёвай.

Гляне вокам уніз, патрасе галавой, —
Рассыпаюцца кудры-праменьні;
Неба рупна арэ залатою сахой,
Сее іскры-дабро поўнай жменяй.